11-12-2005 21:55 нарыла у себя в папке скачанного. не помню уже откуда. это часть первая, а дальше...
Апавяданьне
Ня ведаю, ці бачыў ты калі, чытачу, порнафільм. Я не маю на ўвазе фільм з эратычнымі элементамі, нават з такімі, якія шмат у каго будзяць пратэст, напрыклад «Апошняе танга ў Парыжы», а сапраўдныя парнаграфічныя фільмы, то бок фільмы, адзіная мэта якіх ад пачатку і да канца — выклікаць узбуджэнне, паказваць разнастайныя спосабы порак на любы выбар і любы колер, і дзе ўсё астатняе не грае ніякай ролі.
Вердыкт, ці ёсць фільм чыста парнаграфічным, ці ў ім маецца таксама нейкая мастацкая вартасць, нярэдка прыходзіцца выносіць судам. Я далёкі ад думкі, што мастацкая вартасць адпушчае ўсе грахі. Не раз бывала, што праўдзівыя мастацкія творы аказваліся больш небяспечнымі для веры, звычаяў і грамадскай думкі, чым нізкапробныя падробкі. Пры гэтым я мяркую, што дарослыя людзі маюць права на сведамае азнаямленне з парнаграфічнымі творамі, прынамсі тады, калі ім недаступнае што лепшае. Аднак тое, што часам суды вырашаюць, ці быў такі й такі фільм створаны для выказвання пэўнай эстэтычнай канцэпцыі ці эстэтычных ідэалаў (нават з выкарыстаннем у гэтай мэце паказу сцэнаў, што супярэчаць традыцыйна прынятым нормам маралі), ці то адзінай ягонай мэтай было абуджэнне інстынктаў, якія мы зазвычай называем нізкімі — факт, і суддзям трэба мець нейкія крытэрыі.
Дык жа, па–мойму, вызначыць, парнаграфічны гэта фільм ці непарнаграфічны, можна паводле крытэрыю перапынкаў у дзеянні. Дзея шэдэўральных «Чырвоных ценяў» разгортваецца (апроч пачатку, кароткіх уставак і канцу) у сценах дыліжансу. «Прыгода» Мікелянджэля Антаньёні з аднога суцэльнага перапынку ў дзеянні, уласна, і складаецца: людзі соваюцца туды–сюды, прыходзяць, нешта кажуць, прападаюць і адшукваюцца, але ўвесь час нічога не дзеецца. Аднак гэты фільм і мае сваім заданнем паказаць, што нічога не дзеецца. Так, так, гэта можа падабацца нам ці не, але менавіта гэта ён нам і хоча паказаць.
Тады як парнаграфічны фільм, калі толькі ён хоча быць вартым цаны квітка, відэакасеты ці дыску, мусіць дэманстраваць нам полавыя акты між мужчынамі й жанчынамі, мужчынамі й мужчынамі, жанчынамі й жанчынамі, жанчынамі й коньмі ці сабакамі (хачу, дарэчы, звярнуць увагу грамадскасці, што няма фільмаў, у якіх бы мужчыны былі з кабыламі ці сучкамі; чаму б гэта?) З актамі ўсё ясна, але між актамі ёсць яшчэ й паўзы.
Калі ў парнафільме Рамэо хоча згвалціць Джульету, то ён сядае ў машыну на плошчы Свабоды і едзе да яе на хату на вуліцу Перамогі, прычым мы вымушаны назіраць за тым, як ён едзе, усю дарогу, не мінаючы ніводнага светлафору.
У парнаграфічных фільмах людзі сядаюць у машыны, адольваюць шмат кіламетраў, і мы за ўсім гэтым назіраем; героі губляюць таксама процьму часу на засяленне ў гатэль, і мы бачым, як яны, замест таго, каб адразу трапіць у пакой, ад першага да апошняга паверху ўзнімаюцца ліфтам; дзяўчаты там падоўгу сядзяць у бары, высмоктваючы літры рознакаляровых напояў, або ў чаканні Рамэо хвілінамі перакладаюць з месца на месца кашулечкі й каруначкі, і толькі пасля высвятляецца, што яны прыкладаюць усе гэтыя намаганні, каб дачакацца зусім не Рамэо, а Сафо. Як гэта ні банальна й ні прыкра, але ж перш чым перайсці да здаровага кахання, персанажам прыходзіцца хоць у найменшай ступені, але сутыкнуцца з праблемамі камунікацыі.
Прычыны такіх прамаруджванняў ясныя як божы дзень. Стварыць фільм, у якім Рамэо цягам паўтары гадзінаў гвалціў бы Джульету ракам, бокам і з падскокам, немагчыма. Фізічна немагчыма для акцёраў і фінансава — для прад’юсэра. Дый глядач не вытрымаў бы псіхічна, бо ён, на жаль, звыклы да звыклага жыцця. А якраз–такі граць звыклае жыццё — найцяжэйшае для любога акцёра. Усялякія збачэнні, злачынствы, гвалт, тартуры — увабразіць усё гэта нашмат лягчэй.
Таму ў порнафільме мусіць таксама быць паказаны звычайны бег жыцця — і гэтая справа першай важнасці, бо парушэнне звычайнасці затым узбуджае зацікаўленасць гледачоў — зацікаўленне ў пэўным сэнсе гэтага слова. Менавіта таму, калі Рамэо трэба заехаць аўтобусам з А у Б, мы стаем сведкамі таго, як ён ускоквае на падножку ў А і едзе ў Б. Некаторых гледачоў гэта раздражняе, ім бы хацелася паболей «гарачанькага». Яны памыляюцца, аднак: паўтары гадзіны гарачых сцэнаў не вытрываў бы ніхто. Перапынкі мусова мець.
А цяпер яшчэ раз ад пачатку. Ты глядзіш фільм. Калі героі прысвячаюць пераадоленню адлегласці між А і Б больш часу, чым табе хацелася б, значыць ты глядзіш парнаграфічны фільм.
Стрыптызу ў Беларусі няма. Гэта з аднаго боку. З другога — сёння ў гэтым жанры працуюць тысячы беларускіх артыстак і артыстаў.
Стрыптыз — неардынарнае мастацтва. Цела ў ім — гэта эстэтычная катэгорыя, мова дыялогу паміж акцёрам і гледачом. Ілюзію валодання адных ураўнаважвае захапленне прыгажосцю другіх. Эратычнае мастацтва дае магчымасць і аўтару, і гледачу ствараць нейкую іншую рэальнасць, выкліканую прадчуваннем і падсвядомасцю. Гэта сфера выяўлення фантазій, вольных ад кантролю розуму, сфера прыватных трансфармацый, падобных да музычнага гучання.
Стрыптыз — мастацтва старадаўняе. У антычнай Грэцыі і Рыме выступленні аголеных танцорак у храмах мелі, акрамя пачуццёвага, і культавы, філасофскі характар. А ў старажытным Егіпце, акрамя гэтага, танцоркі лічыліся ўладарамі над жыццём і смерцю. Адраджэнне стрыптызу ў яго сучасным, адаптаваным да сённяшняга дня выглядзе адбылося сто гадоў таму ў Францыі. Вядома і імя першай стрыптызёркі — Мона. Яе выступленне ў «Мулен Руж» выклікала сапраўдную рэвалюцыю ў культурным жыцці Парыжу. Сама ж «рэвалюцыянерка» была аштрафаваная на 100 франкаў і правяла ноч у пастарунку.
Неўзабаве за акіянам амерыканскія цэнзары так зарэтушавалі актрысу, якая выконвала танец жывата ў адной кінадраме, што, здавалася, яе галава рухаецца за плотам.
Сёння ж у Амерыцы ў 15 разоў больш установаў са стрыптызам, чым у 50-я гады, а ў сталіцы стрыптызу Атланце легальна існуюць 300 стрыптыз-пляцовак.
У часы відэаэротыкі і кіберсэксу натуральнае аголенае чалавечае цела набывае іншы сэнс. У Беларусь стрыптыз, як і само разуменне сусветнай эратычнай культуры, прынесла «перастройка». Беларуская жанчына ўзгадала, што ў яе, апроч душы, ёсць і цела. І што ў мужчын і жанчын ёсць некаторыя часткі гэтага цела, якія робяць на іхнае жыццё куды большае ўздзеянне, чым галава.
Амаль умомант у Менску і іншых гарадах, на дзесятках малапрыстасаваных сцэнаў, афіцыйна і неафіцыйна пачалося выступленне нашых артыстак. Колькасць беларускіх стрыптызёрак паступова дасягнула сотні, да іх далучыліся і мужчыны, з’явіліся групы «Ню», наш «Сталёвы аргазм», «Сэрж». Неўзабаве з’явіліся й спецыяльна ўладкаваныя сцэны ў Менску — «Лагуна», «Макс», «Вернісаж», «Фламінга». Пік развіцця беларускага стрыптызу прыйшоўся на сярэдзіну 90-х гадоў, а сёння … сёння ўжо можна гаварыць пра заняпад жанру. І прычын тут некалькі. Безумоўна, на першым месцы палітычныя і эканамічныя змены, якія адбыліся ў краіне. Пры таталітарных рэжымах эротыка і сэкс заўсёды падлягалі ганенням — толькі ў нацысцкай Нямеччыне і ў СССР парнаграфія каралася як крымінальнае злачынства на ідэалагічным грунце. Сэксуальна зняволенымі людзьмі лягчэй кіраваць. «Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці» аголенае цела інакш, як парнаграфію, не ўспрымае. Стрыптызу ў Беларусі быў пастаўлены заслон.
З другога боку, эканамічны крызіс не многім дазваляе зрабіць візіт у начную ўстанову, дзе звычайна адбываецца эратычнае дзеянне, і людзі глядзяць тое самае па тэлевізары.
Ды ўвогуле, беларускі глядач, у сілу розных прычын, не надта каб быў схільны да эратычнага відовішча. Дзесяткі разоў выступаючы ў Беларусі і па-за яе межамі, я пераканаўся ў гэтым.
Мы па-ранейшаму застаемся пурытанскай краінай у адукацыі, выхаванні, светапоглядах. Нашы людзі закамплексаваныя: адбіваецца ступень кансерватызму ў дачыненні да ўсяго новага. Асабліва скутыя мужчыны, што дзіўна, бо здавалася б, эратычныя відовішчы звычайна на іх і разлічаныя.
Дзіцячы садок, школа, войска — сістэма здушэння волі і ініцыятывы. Практычна немагчыма падключыць нашага гледача да ўдзелу ў эратычным відовішчы, як гэта лёгка зрабіць у Польшчы, Расіі ці іншай краіне. Боязь згубіць кантроль над сітуацыяй, боязь выкрыцця ўласных слабасцяў, страх перад невядомым… І гэта тычыцца не толькі прыстойных буржуа, але й бандытаў — гаспадароў начнога жыцця. Гэтых вылучае яшчэ негатыўнае стаўленне да мужчынскага стрыптызу, чаго не сустрэнеш, напрыклад, у той жа Польшчы, Расіі ці Прыбалтыцы. Мужчын-стрыптызёраў яны адразу ж залічваюць да гомасэксуалістаў і жорстка абражаюць. Вось, у Гомелі мясцовыя «быкі» згвалцілі заезджых стрыптызёраў пасля іх выступлення.
Так, у нас няма традыцыі. Мы не мелі сваёй «Кама-сутры» ці «Галінкі персіка», адно доўгія спадніцы ў ансамблях песні і танцу.
Тое, што «стрыптызу больш у Беларусі няма», не значыць, што няма ў нас стрыптызёраў. Наадварот, колькасць артыстаў павялічылася, з дзесяткамі калектываў супрацоўнічаюць тысячы артыстаў. Стрыптыз перайшоў у андэграўнд або выехаў за мяжу. І сёння нашы дзяўчаты працуюць па ўсім свеце, найперш у Вільні, і аж да Сэулу і Токіё, найбольш жа — у Турцыі і на Кіпры. Мужчыны-стрыптызёры выступаюць толькі ў Еўропе, часцей за ўсё ў гей-клубах. Сярод артыстаў большасць — мянчане, але чамусьці шмат людзей, прыкладам, з Баранавічаў.
Артысткі стрыптызу — гэта як паэты ці мастакі. У кожнай свой стыль, свая тэхніка. Нехта падабаецца мужчынам, нехта жанчынам. Іхная стыхія — сцэна. На сцэну ж часта прыводзіць пэўны комплекс: комплекс правінцыялкі, непрызнанага таленту, незадавальнення лёсам альбо недахопу мужчынскай увагі — няважна. Прысутнасць комплексу — катэгорыя амаль абавязковая для прафесійнай стрыптызёркі. З яе пачынаецца разуменне агалення як сродка набыцця волі і магчымасці стаць цэнтрам сусвету. У некаторых комплексы ідуць далей — німфаманія, эксгібіцыянізм, лесбійскае каханне. Ёсць і такія, што падчас выступлення адчуваюць аргазм.